Вярнуўся каб застацца назаўсёды
Вёска Дзвесніца.
У самы прытык да яе падступае бярозавы гай.
Беластволыя прыгажуні асабліва непаўторныя вясной, калі на іх касах на ласкавым сонейку зазіхацяць любыя сэрцу зялененькія лісточкі. Вельмі да спадобы прыйшлася гэтая пара Васілю Галка, які з самага дзяцінства пранікся зачарованнасцю роднай прыроды. А яна на самай справе, тут цудоўнейшая.
Лепшага краю нідзе няма, як у нас, - з вільготнымі вачыма ўздыхае мой субяседнік Васіль Пятровіч Галка. Вось толькі больш ніколі не ўбачыць гэтай прыгажосці мой сынок Васілёк. Што ж, відаць, доля ў яго такая выпала.
Цяжка супакоіць чалавека, ў якога, у мірны час “забрала” вайна самае дарагое – жыццё горача-любімага сына.
Васіль не рос у раскошы. У сям’і было восем дзяцей.
Калі ён закончыў чатыры класы мясцовай школы, бацькі аддалі яго ў Жлобінскую школу-інтэрнат. Зразумела, што школа хоць і лічыцца другім домам, але не першым, бацькоўскім. Хлопчык рос дысцыплінаваным, добрым па характары. Гэта адзначалі ў ім усе, хто з ім сутыкаўся. Не вытрымала бацькоўскае сэрца разлукі. І пасля заканчэння дзевяці класаў ён зноў вяртаецца да хаты. Вучобу працягвае ў Чырвонаслабодскай сярэдняй школе, дзе і атрымоўвае атэстат сталасці. Спрабуе паступіць у Мінскі інстытут замежных моў. Але няўдала. Тады яго запрашае выкладаць нямецкую мову дырэктар Чырвонаслабодскай СШ заслужанная настаўніца школ БССР Соф’я Канстанцінаўна Кальчук. Васіль згаджаецца, а на наступны год зноў падае дакументы ў “ін-яз”. На гэты раз яго залічваюць студэнтам. Безумоўна, ён “на крылах”. Аднак на чацвертым курсе вырашыў узяць акадэмічны адпачынак. І восенню быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Гэта быў 1979 год. Васілю ішоў дваццаць другі. Першым месцам службы стала Прыбалтыка – марскі флот, падводнік. Але пачалася вайна ў Афганістане і Васіль просіцца выканаць свій інтэрнацыянальны абавязак.
І выканаў яго з гонарам.
Вось што ўспамінае аб ім былы таварыш па службе Аляксандр Ніканаў, які зараз жыве ў Іжэўску: “Мяркую, Васіль любіў мяне, як брата, хаця я быў за яго маладзей на гады чатыры. Васіль быў вельмі смелы і мужны, сапраўдны мужчына і сябар.
Аднойчы ён зняў міну на перавале, – голымі рукамі зняў!
У батээры гарэў – не згарэў, выцягваючы адтуль таварышаў.
Аднойчы іх калону абстралялі. Першым ехаў узбек, ён выпаў з машыны і “адключыўся”. Усе спыніліся. Вася пабег уздоўж калоны да яго, прывёў яго ў пачуццё – калона зноў рушылася.
А навокал – пальба…
І яшчэ. У пылаючым доме на Васіля ўпала пылаючае браўно, а на спіне ён нёс толавыя шашкі з дэтанатарамі. Яны пераламаліся, але не ўзарваліся…”
Што і казаць, не адзін раз В.В.Галка глядзеў смерці ў вочы. Разам з ордэнам і медалем атрымаў чатыры раненні і кантузію ад “душманаў”. І ў маі 1980 года ён вярнуўся дамоў, а дакладней яго прынеслі да бацькоў на насілках. Вярнуўся каб затым, пасля трох з паловай гадоў, назаўседы застацца ляжаць у роднай зямлі.
Раненні даканалі.
Ён пахаваны на могілках цэнтральнай сядзібы мясцовага саўгаса “Чырвонаслабодскі” – вёска Чырвоная Слабада.
Сваім кароткім, але гераічным жыццем ён пакінуў добры след на зямлі.
Вечная яму памяць!
“Чырвоны Кастрычнік”
2 красавіка 1994г.
П.Мароз.